Слуп

Месца вырабу

Г. Мінск

Час вырабу

Ліхтаровы слуп — адна з цікавостак нашай сталіцы, неад’емная частка архітэктурнага ансамбля часоў «Горада сонца», якая на працягу 60 гадоў аздабляе вуліцы і праспекты. На жаль, гэта адзіны ўзор гарадскога дызайну таго часу, які не быў знішчаны спрытнымі мінскімі граданачальнікамі, а наадварот, дбайна ахоўваецца і аднаўляецца. Слуп быў распрацаваны на ўмовах конкурсу вядомым архітэктарам У. Каралём у суаўтарстве з яго настаўнікам, апалагетам дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва Беларусі і тагачасным дырэктарам Мастацкага музея М. Міхалапам. У аснову мастацкага рашэння лягло спалучэнне нацыянальных матываў, запазычаных з арнаменту слуцкіх паясоў, з пампезнай пластыкай псеўдакласіцызму. База слупа зроблена з чыгуну, а сам слуп выкананы са сталёвай трубы, аздобленай літымі элементамі, сярод якіх — характэрныя сцягаўтрымальнікі ў выглядзе кароны. Слуп, зроблены на стагоддзі, быў не вельмі зручны ў эксплуатацыі: літыя элементы былі крохкімі, таму на некаторых вуліцах можна заўважыць сучасныя рэмэйкі са шклапластыку — так бы мовіць, ліхтары-light. Гэтыя слупы сапраўды заслугоўваюць аховы як гісторыка-культурная каштоўнасць, але наўрад ці рэальна начапіць адпаведную шыльду на кожны з іх.