Санкі

Месца вырабу

В. Адзягілі Мядзельскага раёна

Час вырабу

Сярэдзіна ХХ ст.

Санкі не санкі, а так — падсанкі. Кароткія падсанкі выкарыстоўваліся разам з карамі — санямі для перавозкі лесу. Рабілі падсанкі з выгнутых палазоў, злучаных брускамі. Бярвенне грузілі на кары камлёвымі часткамі, а пад заднія канцы падводзілі падсанкі. Для павышэння манеўранасці падсанкі звязвалі з карамі крыж-накрыж вяроўкамі-цягамі. Санкі былі больш старажытныя і распаўсюджаныя ў параўнанні з колавым транспартам. У былыя часы важныя асобы рабілі выезды на санях і ўлетку. А Пане Каханку аднойчы ездзіў на санях па сцежках, пасыпаных соллю, настолькі быў заможны. У наш час санкі перасталі шырока выкарыстоўвацца і захаваліся ў якасці дзіцячай зімовай забавы.