Саган

Месца вырабу

Г. Мінск, арцель інвалідаў імя М. Гастэлы

Час вырабу

Другая палова 1940-х — першая палова 1950-х гадоў

Хаця вытворчасць керамічных гаршчкоў вядомая на тэрыторыі Беларусі з глыбокай старажытнасці, саганы (ад турэцкага «sahan» — «міса») робяцца выключна з чыгуну. У 1920–1950-я гады іх вытворчасцю займаліся пераважна арцелі, а таксама невялікія ліцейныя райпрамкамбінаты і некаторыя заводы (напрыклад, Магілёўскі трубабудаўнічы). Гаршчок з чыгуну, або саган, з’яўляецца ў побыце толькі з другой паловы ХІХ ст. На той момант посуд з чыгуну зрабіўся масавым. У першай траціне ХХ ст. з’явіліся таксама саганы з эмалевым пакрыццём. З 1960-х гадоў саганы сыходзяць з масавага ўжытку, аднак захоўваюцца як прадмет інтэр’еру ў стылі рэтра. На сённяшні дзень саганы вырабляюцца ў Беларусі на слуцкім заводзе «Эмальпосуда».