Дыван

Месца вырабу

Г. Віцебск

Час вырабу

2010-я гады

Дываны прыйшлі ў Еўропу праз Візантыю, традыцыйна вырабляліся з воўны, бавоўны і шоўку. У Беларусі дываны з’явіліся ў Сярэднявеччы. Спачатку гэта былі бязворсавыя кілімы. Ворсавыя дываны з’явіліся толькі напрыканцы XIV ст. У XVІІ ст. арганізуюцца ткацкія цэхі па вытворчасці дываноў у Слоніме, Капылі, пры маёнтках і манастырах. На Беласточчыне, Гродзеншчыне, Віцебшчыне дываны вырабляліся ва ўнікальнай тэхніцы падвойнага ткацтва. Хоць у ХІХ ст. Ж. Жакард вынайшаў ткацкую машыну для вырабу дываноў, у Беларусі іх вытворчасць заставалася саматужнай да сярэдзіны ХХ ст. У 1947 г. на базе Віцебскай ільнопрадзільна-ткацкай фабрыкі ствараецца дыванова-плюшавы камбінат. Брэсцкі дывановы камбінат распачынае працу ў 1960 г. Беларусь і цяпер з’яўляецца найбуйнейшым у Еўропе вытворцам прамысловых дываноў з сінтэтычных матэрыялаў. Дыван — улюбёны фон для многіх аматараў хатняга сэлфі, як сымбаль постсавецкага мяшчанства атрымаў у інтэрнэце грэблівую мянушку «яго варсейшасць».