Алеся

Месца вырабу

Барысаўскі прыборабудаўнічы завод (БПА «Экран»)

Час вырабу

1989 г.

У 1980-я–1990-я гады ў магазінах утвараліся чэргі, калі на прылаўкі раптоўна «выкідалі» кардонкі з электрафенамі «Алеся». Акрамя самога фена там былі тры насадкі: тонкі грабянец, масажны грабянец і шчыпцы для завіўкі. Таксама дадаваўся каптурок, які дастасоўваўся да фена з дапамогай звычайнай гумкі. Барысаўскі прыборабудаўнічы завод (БПА «Экран») пачаў вырабляць «Алесю» ў 1981 г. У той час прадпрыемства выпускала сур’ёзнае абсталяванне: навігацыйныя сістэмы для савецкай авіяцыі і зенітна-ракетных комплексаў. «Экран» узяўся за фены і доўга быў айчынным лідарам у гэтай сферы. З канца ХХ ст. рынак апанавалі замежныя электрафены. Але, па сведках карыстальнікаў, «Алеся» і цяпер працуе без стомы.